Спаборніцтвы “ZUBR CUP”
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна зарэкамендавала сябе як адна з найлепшых у краіне пляцовак для правядзення спаборніцтваў па гандболе рознага ўзроўню. Невыпадкова, што яна 15-17 верасня стала месцам правядзення гульняў папярэдняга этапу Дзіцячай гандбольнай лігі “ZUBR CUP”. На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, якія праходзяць пад патранажам Брэсцкага гандбольнага клуба імя А.П.Мяшкова, выступіў Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Дзмітрый Ярмоленка, прадстаўнік кампаніі “Joma” ў Беларусі.
На працягу 3 дзён за званне мацнейшай каманды змагаліся юнакі 2004-2005 (група “В”) і 2006-2007 (група “Г”) гадоў нараджэння. Памерацца сваімі гандбольнымі сіламі на пляцоўцы сышліся каманды юных спартсменаў: у групе “В” - з Маларыты, Брэста, Гродна, Ляхавіч, Шчучына, у групе “Г” – з Маларыты, Брэста, Зэльвы, Слоніма. Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме.
Маларыцкія гандбалісты 2004-2005 сустракаліся са спартсменамі Брэста (прайгралі з лікам 18:23), Ляхавіч (выйгралі з лікам 35:10), Гродна (прайгралі з лікам 17:22) і Шчучына (прайгралі з лікам 18:19).
Каманда нашых юных спартсменаў 2006-2007 гадоў нараджэння правяла матчы з гандбалістамі Брэста (прайгралі з лікам 9:19), Зэльвы (выйгралі з лікам 20:3) і Слоніма (выйгралі ў лікам 17:8).
Маларыцкім гандбалістам дамашняя атмасфера не дапамагла ўзняцца на першую прыступку. У выніковай турнірнай табліцы нашы спартсмены ў групе “Г” занялі выніковае 2 месца, у групе “В” апынуліся на 4 месцы.
Для маларыцкіх гандбалістаў такія спаборніцтвы – магчымасць палепшыць сваё спартыўнае майстэрства і набыць навыкі сур’ёзнага вопыту гульні.
Гандбол — папулярны від спорту ў нашым раёне. Мы маем выдатную гандбольную школу і традыцыі, закладзеныя першым трэнерам Пятром Каменчуком. Гэтыя традыцыі працягваюць развівацца і сёння. За час існавання дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна было падрыхтавана шмат высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў.
Мікалай НАВУМЧЫК.